КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс. км², у т. л. на акваторыі 80 тыс. км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд. т і 1000 млрд. м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.
т. 7, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)